Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА МІХАСЯ ЗАРЭЦКАГА

(20.11.1901-29.10.1937)

…А ты быў рамантык, вясёлы, прыгожы
І верыў, што здзейсняцца мары твае
У гэтай краіне, якая ўсё ж зможа
Асіліць цямрэчу, што жыць не дае.
Цябе ж расстралялі, а творы спалілі
І чорны кастрычнік зрабіўся чарней.
Тваей аніколі не знойдзем магілы,
Айчына магілаю стала тваей.
І людзі баяцца заплакаць, бо слёзы
Прыцягваюць чорны расстрэльны свінец,
Таму адзінокія плачуць бярозы
У шэрані ранняй, нібы ў сівізне.
І попел змяцецца ад спаленых твораў,
І змыецца кроў, і пральецца зноў кроў,
І гэта яшчэ сотні раз тут паўтораць
Злыднюгі, якім не патрэбна любоў
Да роднай зямлі і да роднае мовы.
З нябёс на зямлю ты спакойна глядзіш,
Бо знаеш, што прыйдзе час лепшы і новы,
З травы прарасце беларускі наш крыж,
Той крыж, за які тут стралялі, душылі
Усіх, хто не траціў пачуццяў людскіх,
І мы іх не знойдзем ніколі магілаў,
Айчына магілаю стала для іх.

10.06.2010

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА МІХАСЯ ЗАРЭЦКАГА - Віктар Шніп