Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА МІХАЛА ЦЮНДЗЯВІЦКАГА

(1836 – 2.06.1863)

“Мужыцкую праўду” сялянам чытаеш
У дымнай карчме каля пыльнай дарогі.
Чытаеш, нібыта агонь раздзімаеш,
Агонь, што асвечвае многае многім

У гэтай краіне, дзе роднае гіне,
Бо волі няма і яна не даецца
Нікому за слёзы, крывёю павінен
За волю плаціць, калі ж трэба, то й сэрца

Пад кулю падставіць і быць не героем.
Цябе ж за чытанне газет расстраляюць
У Менску, і неба, яшчэ не начное,
Счарнее, і птушкі ў яго паўзлятаюць,

Нібыта нязбытныя мары, якімі
Ты жыў малады і жыла ўся Айчына,
Якая ў крыві патанае і ў дыме,
Шукаючы ў бойцы да волі сцяжыну,

Што стане дарогай і будзе дарогай,
Але не цяпер, бо цяпер яшчэ рана…
Цябе расстралялі…

Ды “Праўда мужыцкая” не расстраляна.

12.08.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА МІХАЛА ЦЮНДЗЯВІЦКАГА - Віктар Шніп