Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ІВАНА НАСОВІЧА

(26.09.1788-26.07.1877)

Там Беларусь, дзе беларус жыве.
І не патрэбна Беларусь шукаць,
Бо тут яна, як валуны ў траве,
Як у нябёсах песня жаўрука,
Што над тваёй дарогай, як святло,
Якое ёсць і будзе, і было,
Як пад нагамі родная зямля,
Дзе наша кроў, як іскры-у вуглях,
Не патухае, свеціцца ў вяках
І ў словах, што збіраеш сёння ты,
Каб зберагчы, як зерне для сяўбы,
Бо ўсё-ткі прыдзе час наш залаты
Пасля стагоддзяў бездарожжа і журбы.

І ты ідзеш, бо ведаеш чаму
І для чаго, няспешліва, ідзеш,
Як снег ідзе, каб ты любіў зіму
І ўспамінаў, калі са стрэх капеж
Пачнецца і рассыплецца святло,
І кветкамі засвеціцца ў траве
Там, дзе даўно нічога не расло.
Дзе беларус, там Беларусь жыве,
І не патрэбна Беларусь шукаць,
Бо тут яна, як ля дарог крыжы,
Як у нябёсах песня жаўрука,
Як Бог у Храме кожным і ў душы…

25.04.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА ІВАНА НАСОВІЧА - Віктар Шніп