Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ІГНАТА ДАМЕЙКІ

(31.07.1802-23.01.1889)

У цябе ёсць свой Храм-Беларусь, да якой
Ты ідзеш праз паўстанне, вандроўкі, чужыну
І святлееш, мацнееш самотнай душой,
У якой, нібы сонца ў нябёсах, Айчына,

Што была і тваёй застанецца, як крыж
На магілах у продкаў, што з верай жылі,
Што на свеце няма і не знойдзеш зямлі
Прыгажэй і мілей, чым свая, хоць маўчыш

Аб любові сваёй, бо не варта крычаць,
Бо Айчына ад крыку краінай не стане,
У якой жураўлі на Палессе ляцяць,
У якой ружа-кветка цвіце і не вяне.

І прад смерцю, вядомы, прыедзеш дамоў,
І, нібыта наіўны хлапчук, ты заплачыш,
Калі родныя песні пачуеш і ўбачыш,
Як плывуць на Купалле вянкі з васількоў

Па рацэ, да якой ты з дзяўчатамі сам
Не аднойчы хадзіў… І прыедзеш у Крошын,
І пасадзіш дубкі, каб раслі і каб нам
Уздымалі нябёсы над краем прыгожым,

У якім пра цябе будзе помніць трава,
Што расце на магілах, на белых капліцах,
Будзе помніць вада, што бруіцца ў
крыніцах,
Будзе помніць касцёл, будзе помніць
царква.

І ў далёкую Чылі ты вернешся зноў,
Але ты назаўжды застанешся душою
Ля бацькоўскіх магіл, ля азёр, ля дубоў,
Што асветлены першай тваёю слязою…

23.02.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА ІГНАТА ДАМЕЙКІ - Віктар Шніп