Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ФЛЯРЫЯНА ДАНОЎСКАГА

(1834-6.03.1903)

У чаўне па Нарачы плывеш,
Як па небе, у якім святло,
Як вада, якой не ведаць меж,
Ды не змыць ёй тое, што было,
Тут, дзе кроў пралітая была
На Айчыны белае крыло…

“Назаві імёны, адрасы!”-
Патрабуе царскі капітан.
Ты ж маўчыш. А за табой лясы
Інсургенцкія шумяць, туман
Сцелецца, хаваючы сляды
Хлопцаў, за якіх стаіш гарой,
Бо яны таксама, як і ты,
Любяць родны край, дзе іх крывёй
Абазначыцца шлях наш, святы.

Ты маўчыш. І на табе пятлю
Ворагі сціскаюць, і пажар
Закрывае родную зямлю,
Сонца, нібы кроў, цячэ з-за хмар,
Асвятляючы ў Сібір твой шлях,
Дзе з цябе не вымерзне любоў
Да буслоў і кветак у лугах,
Да магутных ля дарог дубоў…

Праз сасняк ад Нарачы ідзеш
У маёнтак, дзе прытулак твой.
І на небе, нібы на вадзе,
Маладзік каронай залатой
Па-над беларусамі плыве,
Не сплыве, бо Беларусь жыве…

23.06.2010

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА ФЛЯРЫЯНА ДАНОЎСКАГА - Віктар Шніп