Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА АНТОНІЯ ТЫЗЕНГАЎЗА

(1733 – 31.03.1785)

Для краю тутэйшага, а не для ўласнае славы
Будуеш палацы, купляеш друкарню і кнігі
Друкуюцца, хоць вырастаюць на могілках
травы,
І пыл асядае на ўсё адзінокі і ціхі,

І дом разбураецца, ды камяні застаюцца,
Нібыта радзімкі на целе, на землях
Радзімы.
І сёння ў тэатры тваім плачуць больш, чым
смяюцца,
Але перамены, ты верыш, патрэбны й магчымы.

І ты не дрыжыш над грашыма, багацце – не
грошы,
А людзі, якім родны край у любую часіну
І самы найлепшы на свеце, і самы прыгожы,
І гонар для ўсіх за ягоную вечнасць
загінуць.

І ты ганарышся народам тутэйшым і краем,
І сам ты тутэйшы, і ты не ўцякаеш ні ў
Прагу,
Ні ў Лондан, ні ў Вену, ні ў ціхі Парыж, бо
ты знаеш,
Што там табе будзе заўсёды самотна і блага

Без гэтых садоў, што цяпер за вакном –
маладыя,
Без жытніх палёў, на якіх васількі, нібы
слёзы
Жанчын беларускіх і нашых анёлаў, якія
Нас помняць і ў спёку, і ў дождж, і ў марозы,

Як помніш і ты, што для роднага любага краю
Патрэбна жыць сёння, і будуць твой край і
Паставы
У цэнтры Еўропы, не ў некага з самага краю,
І будзе ў нас слава, і будуць для славы
падставы.

І ўсё ж ты самотна глядзіш у вакно, бо
цямнее
І восень дажджамі з палацаў святочнасць
змывае.
І ў краі тутэйшым не кожны пакуль разумее:
Без мовы, без волі краіны жывой не бывае…

19.08.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА АНТОНІЯ ТЫЗЕНГАЎЗА - Віктар Шніп