Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА АЛЯКСАНДРА ЧАРВЯКОВА

(8.03.1892–16.06.1937)

“Беларусь беларускаю будзе
Ці іначай не будзе зусім
Беларусі. І нашыя людзі
Не пазнікнуць у людстве чужым
З мовай роднай, якая спрадвеку
Богам дадзена тут чалавеку!”–
Ты гаворыш і многія чуюць
І наш Дом беларускі мацуюць.
Але гэтая радасць– часова,
Бо не трэба тут родная мова
У вялізнай краіне саветаў,
Дзе баяцца, як смерці, паэтаў
І таму іх знішчаюць, ссылаюць
Ды й цябе ўжо чужым называюць.
А які ты чужы Беларусі?!
Ты на роднай зямлі– гаспадар!
І ўжо плача анёлак у скрусе
У нябёсах, дзе чорна ад хмар,
Што збіраюцца па-над табою,
Над тваёй беларускай душою.
І ты сам пакідаеш жыццё,
Як пад ветрам з бярозы– лісцё,
Але голас твой чуецца людзям,
Ён не знікне, як з вогнішча дым:
“Беларусь беларускаю будзе
Ці іначай не будзе зусім…”

31.07. 2008

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА АЛЯКСАНДРА ЧАРВЯКОВА - Віктар Шніп