Верш ПАРАДЫ ЖАНЧЫНАМ
Не сварыся, мілая, на мужа
І з-за дробязей яго не дапякай.
Ну і што, калі не носіць ружы,
Не крычы, не лайся, пачакай.
Не спяшайся абазваць няўклюдай,
Незнарок калі раструшчыў шкло,
Ён хацеў памыць усю пасуду:
Папярэдзіць стомленасць і злосць.
Каб заўсёды быў з табою блізкі,
Здрадай хоць якой не аддаляй,
З кухні не гані і ад калыскі,
Жарты і пяшчоту дазваляй.
Будзь настолькі мілай, абаяльнай,
Каб нідзе, з жанчынай ні адной
Не шукаў уцех як апраўдання,
Што прырода дыхае вясной.
Ведаю, што з правіл выключэнні
Частыя здараюцца, на жаль…
Як плысці цяжэй супроць цячэння,
Так нялёгка подласці зважаць.
Большае не памятаю кары:
Злоснаму вар’яту дагаджаць,
Жыць пад дахам пад адным з пачварай
І дзяцей у муках нараджаць.
Не лягчэй, чакаючы ў пасцелі,
З сораму і крыўды гараваць,
Што ізноў з другою вусны спеліць,
Што ізноў не прыйдзе начаваць.
Ну й пакінь такога дурня з носам,
Закруці ў лабаціну рагоў –
Так параіў нейкі там філосаф,
Ці адзін з дасведчаных багоў.
Нават самыя ўпартыя мужчыны
(Помніце “Вясёлую ўдаву “?)
Для сустрэч знаходзілі прычыны,
Перад годнасцю схіліўшы галаву.