Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дыптых

ДЫПТЫХ

І

Пагавары са мною
моваю
нястомных птахаў,
якія вяртаюцца ў гняздоўі,
дураслівага ветрыку,
што кудлаціць пасмачкі валасоў,
усхліпаў хваляў,
якія цалуюць бераг…
І толькі прашу аднаго:
не гавары са мною
мовай
маўчання.

ІІ

А ты
пагавары са мною
на мове маўчання:
іскрыстым бляскам вачэй,
зырчэйшым за самыя яркія зоркі,
няўрымслівым полымем вуснаў,
гарачэйшым за сонца,
нястрымнай лагодаю рук,
мілейшай за ласку вятрыскі…
Ці трэба мне іншая мова,
каб быць найшчаслівым
на свеце?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Дыптых - Васіль Рагаўцоў