Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Роздум пастушыны

Я – ваш пастух, авечкі,
Я – вам амаль за татку:
Пасіцеся каля рэчкі
У згуртаваным статку!

Дык жа скажыце па шчырасці,
Ці не з маёй літасці,
Каб воўне кудлатай вырасці,
Вы раскашуеце ў сытасці?

Слухаю я з лагодаю
Авечую вашу мелодыю –
Адказваеце з замілаваннем
Мне харавым бляяннем!

I як жа статку не славіць
Заслугі маёй пугі,
Што па-дзяржаўнаму правіць
Авечкамі ўсёй акругі?

Як ад спакус авечкі
Здолелі б абараніцца:
Злева – граніца грэчкі,
Справа – аўса граніца…

Даюцца авечкам туга
Слоўныя нашы навукі,
Але як лясне пуга,
Будзяць іх гэтыя гукі.

Пугай, што спудзіць здатна,
Ваша авечая паша
Ахоўваецца выдатна:
Паша – дзяржава ваша!

Тут можаце вы без страху
Траўку скубці трапяткую,
He баючыся замаху
Воўка, што з лесу цікуе…

Вы паслухмяны парадкам,
Якія дае свабода:
Паміж пастухом і статкам
Пануе поўная згода.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Роздум пастушыны - Пятрусь Макаль