Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове

Верш Калісьці я здымаў

Калісьці я здымаў
на дваіх з прыяцелем
аднапакаёвую кватэру
па вуліцы Кузьмы Чорнага.

У кватэры былі
брудныя жоўтыя шпалеры.

Я прачынаўся на сьвітанку
ляжаў на сваім ложку
ў цесным няўтульным пакоі
і глядзеў на сьцяну
аблепленую гэтымі старымі шпалерамі
з бруднымі ружовымі кветкамі
вельмі брыдкімі кветкамі.

Я бачыў як з акна
на гэтыя кветкі
апускаюцца сьціплыя
плітачкі святла
на кветках пачынала
блішчаць раса
і я разумеў: гэта сьлёзы
старога габрэя
які некалі жыў
у гэтай кватэры.

Аднойчы
ён выйшаў
на спатканьне
са сьмерцю
трымаючы ў руцэ
гэтыя брудныя
брыдкія
ружовыя
кветкі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Калісьці я здымаў - Цімур Хоміч