Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Сучасны пане ў міжрэччы

Там, дзе была мая гара,
Уся дзівосная – у кветках,
Там зараз жах і змрок-пара,
І заняволены палеткі…

Там цэлы дзень звярок рычыць –
Матор з крывёю чорнай нафты,
Рычыць цвяроза, але жыць
Не хоча сэрца з ім упарта.

Сучасны нейкі вабны пан
Захопіў рэпішча, крыніцы,
І сатварыў машынны стан,
Дзе разам зніклі таямніцы.

Там гвалт матораў узарваў
Вяковы сгустак цішынёвы,
І мір змяніўся, рэшткам стаў,
Як той ападыш вераснёвы.

Цяпер над горкай, дзе пылаў
Бялёсы, вытканы заранак,
Куды зыходзіў, адкрываў
Радзімы поле – светлы ганак,

Цяпер ляжыць зямлі кусок
Без васільковых воч дзівосных,
І плачуць недры – слёзы-сок
Пускаюць надта часам росным.

Там маіх продкаў чысціню
Са смеццем вуліцы змяшалі,
І поўнай змагі вышыню
З пустымі вуснамі зраўнялі.

Заціхлі птушкі на гары,
І кветкі ландышаў не ззяюць,
На соснах – плямы, на кары
Парэзы сталі астываюць…

Шуршыць асфальтам дзень і ноч
Шаша меж рэччу, ля Івана –
Уздоўж азёрка з назвай Плоч,
Адно яно яшчэ прывабна…

Навошта, людзі, гэты тлум
З пачаткам новага стагоддзя? –
Чарговы, дзеля грошай, бум, –
Такі няміласны прыродзе?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Сучасны пане ў міжрэччы - Васіль Азаронак