Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Паўз могілкі мая дарога

Паўз могілкі мая дарога.
Штодня – заходам і світаннем.
Твой крыж вітаю адвітальна.
Даруй-даруй! Усё – ад Бога.

Рука ў жагнанні стыне строга
Над месцам нашага расстання.
А наўздагон – тваё маўчанне.
He наракай! Усё – ад Бога.

Самотных дзён у нас нямнога.
Ужо ўзыходзіць знак астральны
Над месцам нашага спаткання,
Прымі-прымі! Мяне – ад Бога.


Верш Паўз могілкі мая дарога - Валянціна Аксак