Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ідзе за годам год

Ідзе за годам год,
Сівеюць людзі, хаты, –
І ўсё ў ярме народ,
А над шляхамі – краты.

І ўсё фарбуюць брук
Крыві ахвярнай плямы.
Чуваць астрожнай брамы
На ўсю краіну грук.

І маці не адна
Глытае моўчкі слёзы:
Зноў сына па дарозе
Пагналі ў кайданах…

Ад гэтае пары
Ўдавою тужыць ніва,
Каню гнядую грэву
Расчэсваюць вятры…

Мо вернецца, мо згіне
Таварыш дарагі,
Услед за ім другія
Ўзняліся, як сцягі.

Той самаю дарогай
Яны вядуць народ,
І ўжо да перамогі
Бліжэй на цэлы год.


Верш Ідзе за годам год - Валянцін Таўлай