Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Гуркі

Аднойчы, робячы агляд калгаснаму гароду,
Гароднік, дзед Мірон, заўважыў шкоду:
Там нехта пачапаў гуркі.
“Чакай жа! – думае стары, – я выяўлю нягодную пароду!
Зладзюга, не мінеш ты дзедавай рукі”.
I тут жа лёг у буракі –
Зрабіў на шкодніка засаду.
Прайшло гадзіны дзве. Вось бачыць ён, з-за саду
Цішком, канавай ля мяжы,
Паўзуць два хлопцы, як вужы,
К гароду падпаўзлі і – шась у грады.
А дзед на пальчыках падкраўся ззаду
Ды – цап! – абодвух за штаны.
“А ну! – крычыць, – ні з месца, гады!
Калгас рабуеце, авечыны сыны!”
Зладзеі бачаць, што ў бяду папалі:
“Дзядулька! – кажуць, – мы гуркоў не кралі;
Мы так дзівіліся, бо думалі, што гэта кавуны, –
Такія ж велізарныя яны!
I як ты вырасціў такое дзіва?”
“Гуркі выдатныя!” – сказаў дзед ганарліва.
“Цябе б, дзядок, Мічурыным лічыць!
Табе б, дзядок, гароднікаў вучыць!”
I дзед, хоць сам калгаснікам сумленным быў,
Нiякай кары хлопцам не ўчыніў, –
Яны падхвальвалі, а гэта дзед любіў.

Часамі кара абыходзіць міма
Гібрыдаў шкодніка і падхаліма.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 3,00 out of 5)

Верш Гуркі - Уладзімір Корбан