Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Як размаўляюць звяры і птушкі

Закаханы ў жыццё і ў кожную мушку,
Я іду каля хат і росных садоў.
I са мной размаўляюць звяры і птушкі
На дзесятках і тысячах розных моў.
Ў валасы мае вішні свой снег завеялі,
Мне на вуха шэпчуць абшары ніў;
Маўляў, каго любіш, таго заўжды зразумееш,
У якой бы скуры ён ні хадзіў.
Галубы ў ліловых і сініх барвах,
На мяне паглядзеўшы, вуркочуць так:
– “Пр-роста вар-рвар, варвар, стр-рашэнны варвар.
Крыл не мае, а кр-рочыць, крочыць, дзівак”.
Певень, палкай падбіты, скача, як конік,
I здзіўленым курам, як зрынуты Бог,
Утрапёна крычыць ад болю і гонару:
– “He па-паў! He па-паў! Міма ног! Мі-ма ног!”
Калі ж ноч паплыве над зямлёю мілаю,
Размаўляюць дзве жабы ля соннай ракі:
– “Ку-ума, кума, а што ты вячэраць варыла?”
– “Боршч, боршч, буракі, бура-кі-кі-кі-кі”.
Я, напэўна, таксама здаюся ім зверам,
I яны разважаюць у засені траў:
– “Вось ідзе двухногая птушка без пер’яў
Ці мядзведзь, што шубу ў ламбард заклаў”.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Як размаўляюць звяры і птушкі - Уладзімір Караткевіч