Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Фантазія

Знову блукаю па вуліцах сініх.
Сэрца кудысьці мяне завяло.
Шыльда над вокнамі: “Клуб адрынутых”.
З вокнаў на снег – скупое святло.
Ноччу ў таемныя гэтыя сховы
З блытанай сеці завулкаў глухіх
Часта прыходзіць Людвіг Бетховен,
Здраджаны дбаннем кабет зямных.
Лермантаў тут. I таго не кахалі,
Хто ж тады варты гэтага больш?
Вось ён сядзіць ля каміна ў зале
I ўспамінае свой першы боль.
Геній, каханне, сэрца свабоднае,
Вершы алмазныя з-пад пяра –
Ўсё прамяняла яна на злодзея,
Слаўнага тым, што каштоўнасці краў.
I не рука, што “Мцыры” стварыла,
А пяцярня, што рубіны ўзяла,
Песціла рукі адзінай і мілай,
Доўгія косы яе распляла…
Грукаюць дзверы, і госці новыя
Йдуць у пакой праз халодны туман:
Дантэ, Петрарка, Катул, Багдановіч…
Столькі гасцей, што й ліку няма.
Проста да зорак халодных упарта
З комінаў выбіваецца дым,
Сумныя цені Джульеты Гвічардзі,
Лоты і Лесбіі рэюць над ім.
Іскры лятуць і лятуць да світання
Ў цемру і снег, як жывыя чмялі.
Тыя, што варты стакрот кахання, –
Тыя не маюць яго на зямлі.
Потым, як пойдуць ў зямлю сырую,
Сотні прыгожых дзяўчат і дам
Статуям іхнім рукі цалуюць,
Быццам лягчэй ад таго касцям.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Фантазія - Уладзімір Караткевіч