Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш У пустэчы бясконцай

У пустэчы бясконцай…
Не каханне – пакуты…
Без цябе – што без сонца
З лiстапада па люты…

Не жыццё – iснаванне:
Анi шчасця, нi сілы.
Быццам, то не расстанне,
А сыход у магiлу…

Раптам час падзялiўся
На было i не будзе.
Як бы ты нi малiўся,
Хтось цябе не забудзе.

Мой анёл яснавокi!
Хай цябе i не грэе,
Што дагэтуль далёка
Хтось табою хварэе,

Але ж ёсць вусны тыя,
Што нястомна ў нябёсы
Не малiтвы святыя,
А iмя тваё ўзносяць.

Хай ты іх і не чуеш,
Але ж ёсць сэрца тое,
Што балюча сумуе
Ўсё адзіным табою.

Цi не ты ў кожнам гуке?
Цi не ты ў кожным слове?
Хай жа сэрца i рукi
Век цябе так бласловяць!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш У пустэчы бясконцай - Таццяна Дзям'янава