Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Трагедыя старасці

“Трагедыя старасці не ў тым, што ты стары, а што – малады”. (Оскар Уайльд)

Трагедыя старасці ў тым, што яшчэ малады,
Хаця ўжо старыя і твар, і аслаблае цела.
Ды шчэ не кранулі спаўна халадэчай гады,
Якія нясуцца над беднай душой звар’яцела.

Трагедыя старасці ў тым, што не можаш знямець,
Калі ўжо табою валодае стома – знямога.
І хочацца вершы складаць і камусьці іх пець,
І верыць у добрых людзей і ў магутнага Бога.

Трагедыя старасці ў тым, што, хоць многа спазнаў,
А свежасць яскравых пачуццяў яшчэ не зліняла.
І хочацца зноў наталяцца духмянасцю траў
І верыць у тое, што покуль душа не сканала.

Трагедыя старасці? Эх, мне бы толькі дажыць –
І ўсмак пагуляць па квяцістаму летняму лузе…
А там пагляджу, што са старасцю гэтай рабіць,
І неяк па-свойму з трагедыяй той разбяруся…

6.09.2010

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Трагедыя старасці - Таццяна Дзям'янава