Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш На аўтобусным прыпынку

Бабулькі аглядаюць сьвет сур’ёзна,
Бягуць асталявацца, як ямчэй.
Хаваюць ногі ў венах варыкозных
Пад лаўку – далей ад чужых вачэй.

Стаяць скульптурна, годна маладзіцы,
Як выклік неўтаймоўнае красы.
А побач звонка цінькаюць сініцы –
Чуваць дзяўчатак мілых галасы.

Яны ў сваю чароўнасьць млосна вераць,
Ім радасна пляткарыць, шчабятаць.
Прысуд наўзмаш выносяць кавалеру:
“Такі стары, яму ўжо дваццаць пяць!”

Ласкава сонца саграе сівіны,
Прыгожа глыбіць вочы-васількі,
Усьмешліва, з пяшчотаю няспыннай
Цалуе яблык юнае шчакі.

I я, ва ўсіх адразу закаханы,
Знаходжу сказ да месца нездарма:
“Усё на сьвеце будзе занядбана,
А для жанчын мінулага няма!”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш На аўтобусным прыпынку - Сяргей Законнікаў