Верш На радзіме
Ізноў я бачу сэрцу мілы родны кут,
Усё i любасна мне i знаёма тут.
Лiчу з усмешкаю суседскiя агнi.
Старога дуба абдымаю каранi.
Я вярнуўся дадому, матуля.
Як у хаце радзiмай утульна!
Дорыць мне асалоду iгруша,
I зязюля кукуе ў пушчы.
Пералесачкi вераснёвыя
Даражэй мне за скарбы паўднёвыя.
Так заўсёды вяртаецца бусел
Да радзiмых крынiц Беларусi.
Хаджу iмшыстымi ашмянскiмi барамi,
Душу лячу суніцамі, грыбамi.
Блукаю ў слуцкiх восеньскiх садах
I п`ю душою яблыкавы пах.
Тут у жнiўнi хвалюецца жыта.
Тут дзяцінства імгненна пражыта.
Гэты дзëран мае мялi рукi.
Тут мае падрастаюць унукi.
Тут кастрычнiк вяселле гуляе
I для добрых гасцей раскладае
На шырокiм квяцiстым абрусе
Шчодры восеньскi дар Беларусi.
Я не забуду анiколi тых мясцiн,
Дзе я сталеў i дзе не буду я адзiн,
Дзе я цудоўную дзяўчыну пакахаў,
Дзе я маленькую дачушку калыхаў.
Мне нікуды збегчы з палону
Iзумрудна-блакiтнага лёну.
Тут мой лёс, тут мой дом i сям’я
Тут навекi радзiма мая!
Я тутэйшае здольнай пароды.
Я вярнуўся сюды назаўсёды.
Назаўсёды я сёння вярнуўся
Да ласкавай маёй Беларусi.