Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Рады вітаць вас

Гэтую тайну я захаваю,
каго палымяна і палка кахаю
пачуццем чыстым, моцным, узнёслым
на раздарожжы нашае лёсаў.
Вось вам налева, а мне – направа.
Вам мо на працу, і мне па справах.
Бачым штодня адно адное,
ды не замоўлю ніяк слова тое:
“Рады вітаць вас, шаноўная пані,
зранку, апоўдні альбо на зьмярканні.
Голасам феі чароўнае казкі
імя падкажыце сваё, калі ласка.
Вашых вачэй глыбіня і пяшчота,
вашай усьмешкі гарэзлівай цнота,
вашыя вусны пунцовае барвы
мне даражэй за наяўныя скарбы.”
Месяца човен у зоркавым моры
ведае процьму гэткіх гісторый,
дзе нерашучыя крокі да мроі
рыцара сэрца пазбавілі зброі.
Хто дапаможа і хто мне падкажа
калі накірунак адзіны нас зьвяжа?
Бачым штодня адно адное,
аде замоўлю урэшт слова тое:
-Рады вітаць вас, шаноўная пані,
зранку, апоўдні альбо на зьмярканні.
Голасам феі чароўнае казкі
імя падкажыце сваё, калі ласка.
Вашых вачэй глыбіня і пяшчота,
вашай усьмешкі гарэзлівай цнота,
вашыя вусны пунцовае барвы
мне даражэй за наяўныя скарбы.
-Мне вас вітаць прыемна, таксама!
Колькі разоў позірк ваш заўважала:
сэрца змаўкала маё сарамліва,
а потым ў набат прабачэння прасіла.
Нават лягчэй на душы неяк стала,
што на прыпынку вас гэтым спаткала.
Нумар адно вам свой даць застаецца –
я не адмоўлю яшчэ раз сустрэцца.”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Рады вітаць вас - Сяргей Прыёмка