Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш 1939

Сканчаецца лета й канікулы ў аэраклюбах
рамантыкі робяць скачкі з парашутам ды глупствы
ў любоўных акопах курсанты на радасьцях трубы
бухлом заліваюць яшчэ ў біяграфіях пуста

Жыцьцё йдзе па колу і не замінае нікому
*уеюць габрэі шалее паліцыя ў сёлах
усё яшчэ ціха пакуль што усё па-старому
і jajki на месцы і mleko на месцы і сала

Дзяржаве вядома адкуль вы нашто вы і хто вы
так будзе вайна і ня трэба крычэць з пераляку
а лепей вучыце старыя сакральныя словы
ура не здамося ў атаку і – йдзіце ў *раку

Базары цырульні піўніцы ўсюды шпіёны
рыхтуюць дыверсіі п’юць у крутых рэстаранах
наўкол гэтак весела лёгка надрыўна й шалёна
паўсюдна ўсьмешкі на тварах а ў душу насрана

Яшчэ не памерла Украіна Polska – таксама
блядуюць паненкі паны камісары сяляне
працуюць стабільна ашчадныя касы і крамы
ачком прадчуваеш бяду а яно не падмане

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш 1939 - Сяргей Прылуцкі