Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Слова на дарогу

Ну вось, сынок, ты першы раз – у шлях.
Зрабіўся раптам незнаёма-новым:
Усхваляваным, дзёрзкім не на жарт.
Дазволь жа мовіць на дарогу слова.

Праз сто шляхоў і тысячы вятроў
Няхай заўсёды вабіць родны ганак.
Тут кожны раз, калі б ты ні прыйшоў,
З любоўю шчырай стрэне цябе мама.

Куды б цябе ні кідаў лёс-дзівак,
Не забывай вяртацца да вытокаў.
Тут – першы подых твой, тут – той абсяг,
Дзе крылы выпрастаў для дальняга палёту.

Тут, на малой радзіме, назаўжды
Кавалачак душы тваёй застаўся.
Трымаюць дрэва моцна – карані,
І гора тым было, хто іх цураўся.

Паразважай над словамі ў цішы –
Я за цябе маліцца буду Богу.
Здалёк тэлефануй, лісты пішы.
Ідзі, сынок. Анёлаў у дарогу.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Слова на дарогу - Святлана Локтыш