Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Адною з веснавых прыкмет

Адною з веснавых прыкмет,
Сярод зімы, нібы для смеху,
Нясмела з-пад гнілога снегу
Зірнулі прымулы на свет.

Вось так і наша пачуццё –
Цераз напластаванні думак,
Скрозь церні гарадскога тлуму –
Шукала права на жыццё.

Ды не ў пару – мароз вясной,
І рана сад зацвіў дарэмна.
І наш з табой раман – не ў тэрмін,
Бо ты – той самы, а – не мой.

Магло б… але ж не адбылося.
Маглі б… ды толькі не цяпер.
І мне шуміць лістотай сквер
Аб непапраўнай адзіноце.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Адною з веснавых прыкмет - Святлана Локтыш