Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Добры мужык (казка)

Ёсць людзі, што і мухі не заб’юць, а ўжо тым больш калі гэта, скажам, такое божае стварэнне як крот.
Аднаму селяніну вельмі дакучаў крот, градкі ў агародзе псаваў. Ну, думае, пападзешся ты мне! Ды як ні лаўчыўся яго злавіць, усё дарэмна: ні ў якія краталоўкі не трапляецца. Спрабаваў ветраком адпудзіць, дык, шэльма, надта ўжо смелы, ці на вуха слабы, – зусім не баіцца. Аднойчы вырашыў: з агароду дамоў не пайду, а злаўлю. Усю ноч сядзеў, носам торкаў, камароў адганяў, а пад раніцу бачыць: зямля на градцы заварушылася. Мужык залёг побач і чакае, вусы ад хвалявання пакусвае. Земляная горка пачала на вачах расці, а неўзабаве паказаўся і сам цёмных спраў майстар. Злаўчыўся мужык і хоп яго шапкай, як сачком. Узяў крата ў рукі, а забіць не можа. Вылаяўшы яго на чым свет стаіць, аднёс далей ад свайго агароду і кінуў у траву са словамі:
– Паспрабуй толькі пашкодзь мне яшчэ!..
Доўгі час было ўсё спакойна. Як аднойчы раніцай заглянуў у агарод і зноў уба-чыў земляныя кучкі, нарытыя кратом.
– Ах ты нягоднік! – ляпнуў мужык сабе па штанах, – ну пападзешся ты мне на гэты раз!
Аднак, паглядзеў: неяк дзіўна гэтыя кучкі не ўроскід, як раней, а радком ідуць. Падышоў ён да крайняй і вачам не верыць: залатая манета на пяску блішчыць. Глянуў далей: і на астатніх знайшоў па залатніку. Кінуў вокам за плот: і там кучка за кучкай па траве цягнуцца шнурам. Пералез праз агароджу, – тая ж карціна. Па-куль дайшоў да апошняга грудка, цэлую жменю залатых манет назбіраў. Ад хвалявання аж дух спёрла, а сэрца ўдзячнасцю перапоўнілася: вось дык адплаціў яму крот, божае стварэнне! І хоць у мужыка ў руках ужо было вялікае багацце, раптам яго асяніла думка: а што калі капнуць у тым месцы, дзе ляжыць апошняя кучка, – ці не паказаў яму крот шлях да скарбу.
Так і аказалася: гаршчок залатнікоў выкапаў. Нездарма гаварылі, што недзе тут даўней быў панскі двор. Закапаў пан золата на чорны дзень, а яно праз многа гадоў мужыку дасталося. І ўсё таму, што дужа быў добры : не мог забіць нават мухі…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (4 votes, average: 4,00 out of 5)

Верш Добры мужык (казка) - Станіслаў Валодзька