Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш А вы плылі на пласкадонцы

А вы плылі на пласкадонцы,
Калі сярдзіты бор гудзе
I раскалыханыя сонцы –
I на нябёсах і ў вадзе?

Напорам плыні вёслы гнуцца,
Здранцвеласць правага пляча.
I што як даць перавярнуцца –
Прарочыць лісцяў саранча.

I мудра разважаюць рыбы,
Што ў гэты час надзейней дно.
Цябе ж вядуць наперад шыбы,
Куды не стукаў ты даўно.

Шалеюць хвалі непрытомна,
I ў іх загадкавай разьбе
Ты бачыш сонца – хоць і цёмна!
Яго ты носіш пры сабе!

Палёў размах, смуга дубровы.
I ў ясных зрэнках юнака
Бацькоўскі свет стокаляровы,
Нібы крыло сіваграка.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш А вы плылі на пласкадонцы - Сцяпан Гаўрусёў