Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Заспаная раніца мжыстая

Заспаная раніца мжыстая,
На фарбы і гукі скупая.
Нібыта сцяжынаю мшыстаю,
Прыціхлай зямлёю ступаеш.

I вёдры прыглушана бразгаюць
Каля адсырэлае студні,
Лісцёваю дыхае брагаю,
Пакутуе восень застудай.

Цыбатай нагой жураўлінаю
Імшарамі верасень крочыць.
Ад кіслых прысмак журавінавых
Заплюшчыла сонца вочы.

Цвітуць успаміны верасам.
Няяснае мроіцца-сніцца.
I моцна жадаецца-верыцца,
Што ўсё да паўдня праясніцца.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (4 votes, average: 2,25 out of 5)

Верш Заспаная раніца мжыстая - Рыгор Барадулін