Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Легенда пра Ашмяны. (паэма)

Легенда
пра А ш м я н ы
(паэма).

Назвалі людзі так здаўна
Наш горад проста: Ашмяна –
Ад слова па-літоўску “камень”.
Паданне гэта ўспомнім з вамі.

І
Чалавек заможны жыў
У тым месцы, як сцвярджалі,
А каб смачна еў ды піў,-
Такое людзі не сказалі б.

Толькі бачылі яны,
Што той швэндаўся ў абносках:
На ім рваныя штаны,
І кашуля не па росту.

Ён паходзіць між людзей,
Нешта выглядзіць, пачуе,
Усміхнецца – і далей
Моўчкі зноў зашпацыруе.

ІІ
Два сыны ў сям’і было
(Для нас яны – прапра…прадзеды),
Аднога шчасце абышло:
Ваўкі заелі, беглі следам.

Жывым застаўся брат Ляўко.
Калі ж бацькі з жыцця сышлі,
Сядзіба іх, зямлі кусок
Яму ў маёмасць перайшлі.

Але дзіраваю наскрозь
Уся была хаціна тая:
То залівае яе дождж,
То вецер хату прадзімае.

Як холад здзекаваўся люты,
Хутчэй Ляўко хаваўся ў печ,
Дзе спаў адзеты і абуты,-
Так прыхітраўся той хлапец.

А адаспаўшыся, мурзаты
Вылазіў ён на белы свет,
Тады насмешкі, кпіны, жарты
Яму кідалі людзі ўслед.

Ляўко ж сярдзіта мармытаў:
-А вось якая табе справа?
Цябе вунь, бачыш, не спытаў –
Я так хачу і маю права!

Ці я табе чым замінаў?
Ідзі сабе сваёй дарогай!.. –
І ўжо не рад, што закранаў
Той чалавек хлапчыну злога.

Ляўко – лайдак, а не вытворца.
Аднак, як стане гаманіць,-
Заткне за пояс у гаворцы
Любога ён, як мае быць!

Сам па сабе юнак – прывабны,
Здаровы, крэпкі, малады,
І не такі ж ужо нязграбны,-
Якія там яго гады!

А валасы да плеч, бародка,
А вочы сінія – агонь!
Уздыхнула б ні адна малодка
Па ім, кабы змяніўся ён.

Ды што ўжо зробіш?.. Спрабавалі
На хлопца неяк паўплываць:
Парады добрыя давалі,
Як жыць, у гразь не урастаць…

ІІІ

Гады два-тры “пагаспадарыў”
Ляўко на бацькавай зямлі:
Запасы хутка разбазарыў –
Пустое поле, без раллі…

А вось жа гляньце: прыгажуню
Сумеў дзяцюк зачараваць,
І тую дзеўчыну-красуню
Сасватаць і у жонкі ўзяць.

На ўсе пярэчанні бацькоў
Дзяўчына цвёрда адказала:
-Не вам з ім жыць, а мне з Ляўком,
Ён любы мне. Я ўсё сказала!

І зразумелі спадары:
Няма ніякай іншай рады,
Як толькі ёй пасаг дарыць.
-Але пасля хай не пішчыць,
Не просіць бацькавай парады!

Вось так яны і зажылі:
Амаль усё рабіла жонка,
Ля хаты кветкі зацвілі,
Ляўко пры ёй змяніўся звонку.

Зарослы, брудны не хадзіў.
Калі на поле выязджалі,
Там нешта разам ён рабіў,-
І моцна тым народ здзіўлялі.

Праз пэўны час яна радзіла
Ляўку дачушку, двух сыноў.
Нібыта, светлая гадзіна
Прыйшла, але ў сям’і – праблема зноў.

ІY

Паводле панскага загаду
У войска царскае ісці
Ляўку патрэбна неадкладна,
Каб службу цяжкую нясці.

Служыць тады рэкрутавалі
Гадоў на дваццаць-дваццаць пяць,
Кармільцаў з сем’яў забіралі –
А супраць нельга і сказаць!

Кабета ў плачы галасіла:
-Прыйшла да нас у дом бяда!
Дай, Божа, мне здароўя, сілы,
Бо застаюся я адна,

Як камень той на нашым полі,
Маўкліва што ўзвышаецца,
Ці той, ля рэчкі, што на доле
Даўно з зямлёй зрастаецца.

І гаспадарка, і малыя
На плечы ложацца мае…
-Не плач, абыдзецца як-небудзь,-
Ляўко усцешваў яе.

-Табе абыдзецца… на службе,
Дзе кормяць, пояць, спаць кладуць.
А з дзецьмі мне нічога дужа
Так проста людзі не дадуць.

Маўчаў Ляўко, а што тут скажаш?
Абняў сваіх на развітанне –
З такімі ж рэкрутамі разам
Пайшоў у войска на світанні.

Y

Пайшоў, нібы ў балота шуснуў:
Быў чалавек – сышоў, прапаў,
Ані няма ніякіх чутак,-
Хоць бы хто слоўца перадаў!

Па ім кабета сумавала.
Але мінаў за годам год –
Усё радзей успамінала
Ляўка за цяжарам турбот.

Малыя бацьку слаба зналі.
А час ішоў – дзятва расла:
Сыны вунь, як дубы, паўсталі,
Дачка-красуня падрасла.

І маці сэрцам адчувала:
Пасаг патрэбна рыхтаваць –
Навокал дзецюкоў нямала
Сватоў гатова засылаць.

Вось тут і згадвала пра мужа,
Ды думкі тыя – ўсё часцей:
Што ж гэта будзе за вяселле,
Без бацькі сустракаць гасцей?

Ды ёй наогул невядома:
Жывы салдат ці можа – не?
Каб знаць, што больш не ўбачыць дома,-
З тым бы змірылася раней…

У сумных момантах чакання
На поле ў роспачы ішла,
Сядала на той самы камень,
І думкі у вянок пляла:

Успамінала пра Ляўка,
Як з ім на полі працавалі,
Чым частавала мужыка,
І як ля камня спачывалі…

Затым нясцерпную тугу
Яна рашуча праганяла.
Сабе казала: “Я змагу!”.
Далей – задачы планавала:

-Вяселле трэба так зрабіць,
Каб хібаў не было ніякіх.
Ды чым гасцей паіць-карміць,
Якія падаваць прысмакі.

І сапраўды, у нейкі раз,
Прыйшлі сваты да іх у хату:
-У вас – тавар, купец – у нас,
І малады, і зухаваты,-
Ну як, згаворым дзеўку ўраз?

Жанчына гэтага чакала,
Падрыхтавалася даўно:
Пітва, яды нагатавала –
Закускі розныя, віно…

Заве яна сватоў к застоллю –
Чым Бог паслаў, перакусіць:
-Мы пры стале накрытым здолеем
Любую справу вырашыць.

Так, за сталом знайшлі дамову:
-Вяселлю праз два тыдні быць!
Затым сваты пайшлі дадому,
Кабета легла адпачыць.

Ляжыць жанчына. Шэры вечар
Згушчае цемру над дваром.
Яна не спіць, і ёй здаецца:
Хтось ціха ходзіць за акном.

Устала, глянула ў акенца –
І бачыць: гэта чалавек
Стаіць ля грушы…- сэрца б’ецца,
Дыханне збілася ў яе.

-Высокі з віду і здаровы,-
Яна ўглядаецца ў акно:
-Апрануты, не як вясковы,
З-за цемры твару не відно.

Глядзіць на постаць, а за дзверы
Баіцца выйсці, не рашыцца.
Ужо і ноч – у поўнай меры,
А той стаіць, не варушыцца.

А сэрца, сэрца – прадчувае
Доўгачаканую сустрэчу.
-Эх, будзь, што будзе! – адкрывае
Жанчына дзверы ў цёмны вечар.

Шагнула з ганку у садок,
Ён – ёй насустрач з цемнаты.
Жанчына ўскрыкнула: – Ляўко!
Мой муж любімы, гэта ты?

Yіі

-Пазнала жонка… А я думаў,
Што не застану тут жывых:
Я знаю шмат здарэнняў сумных,
Салдаты ўзгадвалі пра іх.

Амаль што дваццаць год мінула,
А тут – ажно усё на месцы.
І нават стала вельмі ўтульна,
Сядзіба большаю здаецца.

Пасля абдымкаў-пацалункаў
Вядзе у хату жонка мужа:
-Шанцуе ёй ва ўсіх варунках,
Сустрэчы гэтай рада дужа.

-Ну, раскажы, мой чалавеча,
Дзе пабываў і як служыў,
Адкуль у гэты цёплы вечар,
Вярнуўся ты, што перажыў?

-За столькі год усё бывала.
І цяжка, і крыху лягчэй.
Паранен быў, “пашанцавала”,
Таму прыйшоў дамоў хутчэй.

Мяне адтуль камісавалі,
Бо стаў салдатам нікудышным,
Білет мне белы ў рукі далі,-
Вось так усё яно і выйшла.

А дзеці ж дзе?
-Пайшлі гуляць.
Дачку вунь сёння запівалі –
Вяселле хутка нам спраўляць.
Сыны-дубы павырасталі,
За імі дзеўкі – аж вішчаць!

Нам зараз, бацька, лёгка будзе:
Сям’ёю станем працаваць –
Супольна шмат чаго здабудзем.
І мне не трэба гараваць.

Ляўко ў адказ ёй:
-Жонка, слухай.
Не ўсё паспеў я расказаць.
Цяпер не варта так з натугай-
А то й зусім – нам працаваць.

-Чаму?
-Ды сродкаў многа маем.
-Шмат заплацілі за раненне?
-За раны прэмій не бывае,
Здабыў багацце ў сутыкненні.

Yііі

І расказаў пра бой ударны,
Калі ён ворага забіў.
-Здаецца, турак ці татарын
Той камандзір варожы быў.

А на вайне, калі салдата,
(Хоць генерала!) хто забіў,
Тады ён вобыск супастата
Законным захадам рабіў.

Так і Ляўко зрабіў адважна,
Пераканаўся – нездарма:
У ранцы той нябожчык важны
Меў залатых манетаў шмат.

Ляўко набіў сабе кішэні
І шапку поўную нагроб,
Пасля ўсё перасыпаў жменяй
У свой у рэчавы мяшок.

Той рэчмяшок з каштоўным скарбам
Вазіў-насіў салдат з сабой,
Спаў у намёце ці ў казарме,
І з ім хадзіў у смертны бой.

Прайшоў дарог-шляхоў нямала,
Знаў перамогу і тугу.
Праз нейкі час вайна дастала –
Злой куляй раніла ў нагу.

Ён рану неяк завязаў,
У тыл Ляўка сябры валочуць.
Нікому каб не замінаў,
Мяшок забраць салдаты хочуць.

А той яго не аддае
І моцна ў дзве рукі трымае.
-Ды выкінь транты ты свае!
А можа, золата там маеш?

-Так, сапраўды ў ім залацішка-
Ляўко ўсё ў жарт звясці спрабуе-
З салдатскай пайкі сваёй, з лішкі,
З анучаў золата раблю я.

-Глядзіце, хлопцы: вось мужчына!
Яго параніла – смяецца,
І боль трывае. Малайчына!
Такі ніколі не здаецца…

Амаль паўгода праваляўся
Па розных шпіталях Ляўко,
А сіл ніяк не набіраўся,
Увесь схуднеў, на трэску ссох.

Чыны вайсковыя рашылі:
-Ты не салдат цяпер – шкілет.
Дамоў ідзі, што маеш сілы!
І белы выдалі білет.

ІХ

-Ой, мужу мой, ты так трываў!
Табе балела і смылела,
А хоць бы хто паспачуваў…-
Сляза у жонкі заблішчэла.

-Не плач пра тое, што прайшло.
Дурным, як быў у маладосці,
Цяпер не буду. Час прыйшоў –
Займемся справай, ягамосці!

Зямлі прыкупім – грошай маем,
Не хоць якіх, а залатых…
У мех жанчына заглядае:
-О, Божа ж мой, як многа іх!

Куды мы гэта ўсё схаваем?
-Кабета, не перажывай!
Гаршкі твае панасыпаем,
Іх ты ў падпечак захавай.

Нам, жонка, нечага баяцца:
Няма людзям адкуль пачуць,
Што маем мы з табой багацце,
А дзеці нашы – не скрадуць!

-Ты праў, Ляўко. А з дочкай як?
Я перад гэтым меркавала,
Які ёй зладкаваць пасаг.
Цяпер з табой нас двое стала.

-Мне зразумела – ўсіх здаволім:
Дачушцы будзе і сынам.
Яшчэ застанецца даволі,
Каб доўга жыць без клопат нам.

Кладуцца спаць, пагаманіўшы,
Але той сон ніяк не йдзе –
Дзе ж тут заснеш, калі не сцішыць
Эмоцый радасных падзей.

А на світанку дзеці ў хату
З гуляння ціхенька зайшлі.
О, то была сустрэча з татам,
Што за размовы тут пайшлі!..

Той дзень нарэшце наступае
Дачушку замуж аддаваць.
Ёй шапку грошай насыпаюць –
Іх госці ўражана маўчаць:

Ніхто ніколі на вяселлі
Такі пасаг і не ўяўляў.
Маўляў: златоўку-дзве сумелі б,
А тут… – Ляўко народ здзіўляў.

Х

-Ну вось, вяселле адгулялі.
Далей Ляўко рашае так:
Каб людзі ім не пагарджалі,
Ён сцісне волю у кулак.

За гаспадарку стане брацца
Трывала, моцна – так, як трэба.
Бо знае: мусіць пастарацца,
Каб урадлівай стала глеба.

Зайшоў з сынамі ён на поле,
Валун вялізны дзе ляжаў.
Шурпаты камень даланёю
Па боку гладзіў, разважаў:

-Вось бы цябе, каменьчык мілы,
Да пэўнай справы далучыць,
Прыладзіць так, каб твае сілы
Змаглі бы людзям паслужыць…

-Якую справу ты плануеш?-
Пытае ў бацькі старшы сын.
-Ляжыць спрадвеку тут ён, чуеш?-
Малодшы адгукнуўся сын.

-Так, хоць здаўна тут велікан,
Ды годны справы ён не горшай.
-А камень наш завуць Ашмян,
Так дзед стары адзін казаў,-
Уставіў зноў сваё малодшы.

-Два камні, хлопцы, трэба нам.
Ля рэчкі вунь ляжыць адзін,
Адсюль мы возьмем Ашмяна,-
І на рацэ збудуем млын.

-А ці па нашых сілах тое?
Тут коньмі цяжар не сцягнуць,
А нас, як бачыш, толькі трое –
Нам нават з месца не скрануць!

-Дык памагчы людзей запросім.
Хто не пагодзіцца за так,
Таму грашамі мы заплоцім,
І справу зробім – любата!

Так і зрабіў: наняў наўкола
Людзей патрэбных, і яны
Змайстрылі два млыновых колы –
Пайшлі у справу камяні.

Сяляне з вёсак навакольных
Павезлі ў млын малоць муку.
Працуе млын чым далей – болей
Людзей з’язджаецца к Ляўку.

Спачатку ён малоў бясплатна,
Бо з службы ў войску добра знаў,
Што ёсць удзячнасць, а што – сквапнасць,
Пасля ў людзей па-боску браў:
Апошняй скуры не здзіраў.

І жонка радуецца мужу,
Бо бачыць плён яго турботаў:
Сыны працуюць з бацькам дружна,-
Усё ў парадку, жыць ахвота!

ХІ

Стары той самы, што ашмянам
Вялікі камень называў,
З’явіўся ў млыне нечакана,
Сеў на парог і цікаваў.

Глядзеў на тое, як на жолаб
Вада трапляла струмянём,
Круціла млынавыя колы,
А тыя – жорны з ячмянём.

Мука бялюткая, як снег,
З-пад жорнаў сыплецца ў мяшок…
Глядзеў ды сам-сабе бубнеў,
Нібы заведзены, дзядок:

-Калі б хто змог сабе ўявіць:
Ашмян, выходзіць, прыкаціўся,
Людской карысці каб служыць!
Я шмат пражыў, і то – здзівіўся…

А млын Ляўкоў, і праз гады,
Часцей Ашмянам называлі:
З-за камня, што ўзялі сюды,
Малоць муку прыстасавалі.

. . . . . . . . .

Шмат з той пары вады ўцякло,
Млына не засталося следу,
Памёр і сам млынар Ляўко,
Сышлі ў зямлю, хто яго ведаў…

Жывую памяць тых падзей
Народ захоўвае здаўна.
Пра месца гэта між людзей
Казалі так: ля Ашмяна.

“Ля камня-млына-Ашмяна”,
А потым проста: Ашмяна-
Свой горад людзі называлі,-
Адтуль вось і Ашмяны сталі.

***

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Легенда пра Ашмяны. (паэма) - Пётр Шакола