Верш У Шушанскім
З тых дзён шмат часу адышло,
А я заўсёды, дзе б ні быў,
Няспынна думаў пра сяло,
Дзе, як выгнаннік, Ленін жыў.
Хацеў я край пабачыць той,
Сібірскую наведаць глуш…
I вось той дом і той пакой,
А за сцяною рэчка Шуш.
I я хаджу па месцы тым,
Дзе ён падмурак свету клаў.
Не, не кажыце, назусім
Ён гэты кут не пакідаў.
Як на суботніку ў Крамлі
Ён носіць бёрны на плячах,
Так па сібірскае зямлі
За працай бачу Ільіча.
Людзей адной сям’ёй сабраў,
Ісці да мэты навучыў.
Як Енісей ні бунтаваў,
Ён берагі яго злучыў.
Ды так, што буйна загуло
Набегам хваль да самых гор,
Ды так, што новае святло
Крышталіцца мільёнам зор.
Па гарадах увысь узнёс
Кварталы дзіўнай пекнаты,
Панастаўляў заводы скрозь,
Праз рэкі збудаваў масты.
Прывёў у стэпы трактары,
Засеяў збожжам цаліну,
Узняў з глыбінь зямлі дары,
Агнямі домнаў агарнуў.
I паплылі чыгун і сталь.
Праз тундру, сонную адвек,
Паклаў шляхі такія ўдаль,
Што і не марыў чалавек.
Шляхі і ўвысь, шляхі і ўшыр,
I скрозь, дзе я людзей страчаў.
Цябе наведаўшы, Сібір,
Жывога бачыў Ільіча.