Верш Цар-дуб
З даўнейшых дзён
Па нашы дні
Сярод палескіх гоняў
Стаіць цар-дуб і ў вышыні
З аблокамі гамоніць.
Відзён той дуб
Са ўсіх дарог,
З галінамі густымі…
Прыйдзеш да дуба ўчатырох, –
Ледзь стан яго абдымеш.
Ды хто згадае,
Колькі год
Ён тут стаіць нязменна?
Семсот,
Ну, можа, хай – шэсцьсот,
Але ніяк не меней.
Ён, як мудрэц,
Наўкол глядзіць
З мінуўшчыны на волю…
А колькі пала чужаніц
Прад ім на чорным доле!
Плячыст цар-дуб!
Яго сукі,
Што ў неба рыштаванні…
Ад бацькі к сыну праз вякі
Аб ім ідуць паданні.
Нямала
Бачыў ён пакут,
Як рос на панскім полі;
Спяваў пад ім прыгонны люд
Аб нешчаслівай долі.
Пад ім
Паўстанцаў мучыў кат,
Іх тут жа пахавалі…
I жалуды, як слёзны град,
З яго галля спадалі.
Прайшлі гады.
I хмараў дым сышоў.
Заззялі зоры.
Стаіць цар-дуб. Шумяць прад ім
Калгасныя прасторы.
На працу,
З працы ідучы,
Ці ўвечары, ці рана –
Прыходзяць людзі адпачыць
Пад звон лістоў мядзяны.
Стаіць цар-дуб
I ў цішыні
Глядзіць на сонцаўсходдзе,
Што ён сягоння ў камунізм
З прыгонных дзён ўваходзіць.