Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Як зязюлі закукуюць

Паўтараецца вечна,
А гучыць не завучана
Кожнай новай вясной
Кукаванне зязюльчына.

Маладым лічыць годы,
Непаседам – прыгоды,
Нам, салдатам старым, –
Баявыя паходы

I магілы, магілы…
Ля кожнае вёскі –
Нашы аднапалчане,
Аднафамільцы і цёзкі.

Як вясною зязюлі
У Беларусі маёй закукуюць,
У Сібіры, на Волзе
Па мёртвых сынах засумуюць.

Не патрэбна забітым
Ні славы, ні вечнасці.
Іх матулям сівым
Трэба ціхай сардэчнасці.

Прыязджаюць да нас
Яны ў светлыя дні перамогі
На зялёныя нашы
Лясныя дарогі.

Кожны год мы і плачам,
I чарку бяром разам з імі,
I становяцца ў дні тыя
Мёртвыя зноўку жывымі.


Верш Як зязюлі закукуюць - Пiмен Панчанка