Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вясною

Жылы дрэў напоўніліся сокам,
Ручаі імкнуцца да ракі.
Неба стала чыстым і высокім,
I пяюць вясёлыя шпакі.

Ўсё вясна старанна падлічыла,
Сонцам абагрэла кожны кут.
Паляўнічым прынясла дзічыны,
Рыбакам расчысціла раку.

Рыбы абудзіліся з застою,
А ваўкі халодныя насы
Узнялі на воблака густое
I спрабуюць ціха галасы.

На паляне ў светлым пералеску
Расцвілі налітыя расой
Сінія падснежныя пралескі
Пад аховай урачыстых хвой.

Я пакінуў хату, кінуў вершы,
Блукаю па лесе, як дзівак.
Мяне кліча ў госці друг мой лепшы –
Шэры дрозд, цудоўнейшы спявак.

Пах смалісты п’ю і не нап’юся,
I пад гром птушыных галасоў
Да бярозы белай прыхінуся, –
Буду прагна піць салодкі сок.

I тады нальецца цела сілай,
Гэтай сілы радасць зберагу,
Каб яна мяне перанасіла
Праз бяду, і ворагаў касіла,
I знішчала чорную тугу.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Вясною - Пiмен Панчанка