Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Там, дзе абрываецца сцяжына

Там, дзе абрываецца сцяжына
і змрок паўзе з імглістай гушчарыны,
дзе цягне прахалодай падвячорнай,
а ноч заўжды малюе пэндзлем чорным,

Дзе рэха з прадказальнаю пяшчотай
падоўгу не затрымлівае ноты,
дзе цені вераніцай сціплых зданяў
плывуць без аніякіх адчуванняў,

Дзе час адвеку робіцца імклівым,
там, дзе неверагодныя расліны
з зямлі пахучай працягнулі рукі,
хістаючыся ад далёкіх гукаў,

Дзе сцерагуцца ад вачэй жывёлы,
дзе ліст дрыжыць на верхалінах кволы,
убачыць можна дуб несамавіты,
што лішаёвай барадой увіты.

Далей, як углыбіцца ў нерухомасць,
адкрыеш таямніцы невядомасць…
Далоні на грудзях ціхенька зложыш:
ужо даўно не бачыў сноў прыгожых!


Верш Там, дзе абрываецца сцяжына - Павел Надольскі