Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш На захадзе сонца на ўзгорку паўстала фігура

На захадзе сонца на ўзгорку паўстала фігура.
Адна з яе рук утрымоўвае дзіўныя шалі,
другая сціскае кап’ё з нержавеючай сталі.
Істота маўчыць і з гары пазірае панура.

Балоты з лясамі хаваюць абшары ад люду,
дажджы зіхацяць над абсягам жалобных пасёлкаў.
У цемры знянацку ўзнікаюць начныя вясёлкі
адтуль, з той зямлі, што цяжарная жудасным брудам.

Там з атамнай скрыні сімфонію стоенай смерці
даносяць вятры; і паўсюдна – глухое гудзенне…
Хістаюцца ў дужай руцэ шалі летазлічэння,
злавесна ўзнялося кап’ё пакарання: час жэрці.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш На захадзе сонца на ўзгорку паўстала фігура - Павел Надольскі