Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Загляне сонца

Загляне сонца ў наша ваконца,
Хатку асвеціць праменьмі –
Па цёмнай ночы ажывіць вочы
Боскім да працы натхненнем.

Позна мы ўсталі, і шмат праспалі,
Гойдалі злыдні нам долю –
Пяялі песні нам напрадвесні,
Радасці песню ў няволі.

Заход смяяўся, каб ён даждаўся,
У лапцёх што з труду мы спалі, –
Усход нас мучыў цяжка-балюча:
Хацеў, каб з душой мы прапалі.

Абы балота, будзе ліхота:
Дзёрлі нас нянькі-начніцы –
Аж да жывога – мо з волі Бога –
Кроў аж зрасіла зямліцу.

Аж застагнала зямля ў падвалах,
Неба пакрыў бліск агняны –
З болю зямліцы, з крыві крыніцы
Брат наш збудзіўся русняны.

Асвеціць сонца яго ваконца,
Злуду мар сонных развее –
І выйдзе з плугам ён саматугам,
Родненьку ніву засее.

Груган з Усходу, а крук з Заходу
Дарма там жыру шукае –
Бо зерне спорна, у волю прасторна,
Хутка пад неба ўзрастае.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Загляне сонца - Казімір Сваяк