Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Зялёнае мора

Нябёсы плакалі спаленай шчаснасцю.
Хісталіся на вятры вагі прасторы.
А мы стваралі ружовыя акуляры марнасці.
І назіралі праз іх на зялёнае мора,

Што выцякала па кроплях зялёнага лісця
З верашалінаў алешын, каштанаў і клёнаў.
А мы сачылі, як небяспечна шалёна і хістка
Ўдзень з сонца да глебы кацяцца зоры.

Вільготная пашча пачварнага хмар’я
З’ядала без рэшты палеткаў прасторы.
А мы ў краіне люстэркавай Мараў
Сягалі бяскрыла ў зялёнае мора…


Верш Зялёнае мора - Павел Гаспадыніч