Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Поўх

Прамаўляю слова “поўх” –
і з’яўляецца адразу
луг, папляжаны капцамі
з долу выпхнутай зямлі…

Поўша! Хто ты ёсць? Які ты?
Ці ў мадэлі твайго свету
насамрэч няма мне месца
з сакавітаю травой
і пяшчотаю шматквецця?

Што, сляпко, хацеў сказаць ты
гэтым следам сваім цёмным?

Што супольнага нічога
і няма ў нас, і не будзе?

Ох, баюся, недалёка
адышла я ад цябе:

З невідушчасцю ў вакольным,
з прагай выйсця ў іншасвет

Я сама хіба нічога
не касую неабачна –

Мерывам уласным цемры,
сваім мерывам святла?

Поўша, з нораў непрасветных
калі рыў дарогу ўгору –
гэта стаць хацеў ты птушкай?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Поўх - Ніна Мацяш