Верш Бацькава сталярня
Бацькава сталярня
(Прысвячаю свайму тату Пічыцу
Уладзіміру Андрэевічу)
Яшчэ была без мэблі наша хата,
Хоць да ўваходзін поўнасцю гатова.
Заняў пад свой вярстак сталярны тата
Нябелены пакой у ёй часова.
У думках марыў: як заробіць грошай,
Тады майстэрню ён сабе збудуе.
Ну, а пакуль была там нам раскоша,
І толькі маці сварыцца, бядуе.
І просіць нас ад саменькага ранку,
Каб мы ў сталярню нават не ступалі
І не рабілі ў стружках больш гулянку.
Кляліся мы, ды слова не трымалі.
І ў гурбе пілавіння з галавою
Куляліся і я, і большы брацік.
Пасля ўцякалі ў “чыстыя” пакоі,
Каб нам лупцоўкі не было ад маці.
Больш на мяне злавалася яна:
“Якая з вамі чысціня тут будзе,
Што гаварыць пра меншых, як сама
Стаіш у пілавінні ўся і ў брудзе.
Зноў стружкі па ўсёй хаце разняслі”,
І з крыўдаю падлогу падмятае,
“Во, колькі смецця зноў мне прыняслі”,
І злосна на нас венікам махае.
Маўчала я, быць не магло іначай,
Сябе я адчувала вінаватай.
І марыла з упартасцю дзіцячай,
Што больш не будзе сталяром наш тата.
Вунь, працаваў бы лепей трактарыстам,
Вазіў бы нас з сабою у кабіне,
Было б у хаце хораша і чыста,
І не ляжалі б стружкі, пілавінне.
Але тады ўзяла б я дзе фігуркі,
Што пахнуць лесам, хвояй і смалою?
На аканіцах бацька ўжо карункі
Не выразаў бы пілкаю ручною.
Жыцця без гэтых цацак не ўяўлялі,
Не ведалі пра лялькі і машынкі,
Палацы з розных дошчачак складалі,
І так раслі мы-хлопчыкі, дзяўчынкі.
З тае пары гадоў прайшло нямала,
Даў талент свой сынам мой бацька ў рукі.
З фігуркамі цяпер, як я, бывала,
Гуляюць мае дзеці-яго ўнукі.
1997г