Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Рамеснік! Ён хацеў быць мастаком!

Рамеснік! Ён хацеў быць мастаком!..
Ён гліну мяў, ён спаць не мог начамі,
Ён не вылазіў з нізенькай ганчарні
I хлеб мачаў у глечык з малаком.

Вятры змяталі лісце з бальшака,
Бярозак моклі голыя каленькі,
Ад прахалоды ўздрыгвала рака,
I пад зямлёй спляталася карэнне.

Рабін чырвоных палымнеў пажар,
Халодным золатам ірдзелі пожні.
Ва ўсім было жыццё, была душа,
I гэта ён адчуў бездапаможна.

Ён чарапкі раструшчыў малатком,
Згубіўшы рэшткі веры, моцы, волі…
Рамеснік! Ён хацеў быць мастаком.
Ды разумеў, што ім не быць ніколі.


Верш Рамеснік! Ён хацеў быць мастаком! - Навум Гальпяровіч