Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Каляднае

Дажджы зімовыя, дажджы калядныя,
І лісце чорнае аж да вясны.
Ноч сарамлівая, ноч незгасаная,
Бярозка мокрая галлём дрыжыць…

А там на покуце рушнік і свечачка:
Агеньчык кволенькі ў цяпле мігціць.
Снягі да пояса, вятры бяз голаса,
І месяц жоўценькі ў вакно глядзіць.
Яечня, скварачкі, крыху вандэлінкі,
І кот ля печанькі п’е малако.
Зоры вузорныя, нібы ліхтарыкі,
Святочна-сонечна глядзяць ў вакно.
Снег мякка падае. Пад коўдрай белаю
Лес неабудны ўжо паснуў даўно…

А тут калядныя, дажджы зімовыя,
І вецер жудасны бярозку гне.
Мігцяць ліхтарыкі ўсюль каляровыя,
І ў наваколіцах няма людзей.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Каляднае - Надзея Кухарчык