Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Цвічок

У гаспадарніка Астапа
Была прыгожая канапа,
Але цвічок у тым сядзенні
Тырчаў і дзёр заўжды адзенне.

Спярша падзёр штаны інспектар…
За ім бухгалтар, сам дырэктар…
Але цвічка ніхто не кратаў,
Ён перажыў бы дзесяць штатаў,

Каб не ўмяшалася жанчына –
Астапа жонка Кацярына.
Яна надзела плацце ў ружы
I завярнула ў трэст да мужа.

Ды не было якраз Астапа.
– Ну што ж, прысяду на канапе!
А вось і муж…
– Астапка, мілы!
Якое плацце я купіла!

З канапы скок,
Але цвічок…
А што далей! Хоць не пішы –
Падаўся моцна крэпдэшын.

А Кацярыне не да жартаў –
Дала яна усім тут гарту:
Адзін тапор нясе, другі
Начальству цягне абцугі.
Вось усхадзіўся планавік
I скончыў справу – вырваў цвік!
__________________________

На працы іншы раз бывае:
Цвічок маленькі замінае,
I шмат на ім дзяруць штаноў,
А не прыменяць абцугоў.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Цвічок - Міхась Скрыпка