Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш На мінскіх вуліцах

Вуліцы… Вуліцы…
Як летуценні,
Поперак сходзяцца,
Цягнуцца ўдоўж.
Выгляне сонца – асфальт замігцее.
Грымне грамок – скача чэчаццю дождж.

Гром я люблю,
Гром вясны, а не войнаў,
Болей жа – ціхіх світанкаў спакой.
Рана прачнуўся.
Іду ля падвойных,
Сонных на ніжніх паверхах акон.

Безлюдзь у горадзе.
Пуста,
Пакуль ён
Гоман прыцішыў – да галаска.
Плошчы за лейцы ўчапіліся вуліц,
Сціснулі лейцы ў сваіх кулаках.

Добра на вуліцах марыць аб нечым.
З марамі крочыць
Намнога лягчэй.
Мары ад дому вядуць на сустрэчу.
З кім?
Можа з позіркам мілых вачэй?

Раніцай бачыцца люба з вачамі,
Сонцам,
Людскою турботай зямной,
Выйшаў я ў горад.
Маршрут мой звычайны
Зычыць сустрэчы са славай самой.

Першы на вуліцы Янкі Купалы
Спыніць Купала,
На Горкага дзесь
Горкі заокае – шчыра спаткаю
Двух пабрацімаў я, ўзрушаны ўвесь.

Трохі прайду
I, напэўна, яшчэ з кім
Зблізку пабачуся.
Веру: якраз
Пройдзе на зорцы бульварам
Шаўчэнкі
З думай сваёй неўміручы Тарас.

Блізка адсюль –
Мог дастаць бы рукою! –
Вуліцы ў шуме прысад маладых,
Дзе з Чарнышэўскім страчаецца Колас,
З Чорным –
Максім Багдановіч заўжды.

Вабяць сустрэчы,
Куды ні пайду я.
З вуліц абжытых, адкрытых вясне,
I Маякоўскі,
I дзядзька Бядуля
Рукі ўрачыста працягваюць мне.

Мінск – дружалюбны.
Я гэта, між іншым,
Бачу на факце шмат вёсен і зім;
Чэхаў, Талстой, Дабралюбаў, Радзішчаў,
Вуліцы ўзяўшы, зрадніліся з ім.

Век я пра славу сусветную мрою
Мінска, што стужкамі вуліц звязаў
Славу паэтаў з бяссмерцем герояў –
Грозных падпольшчыкаў і партызан.

Мужных прыгадваю і ў завяршэнне
Думы прыспешаю, з імі – хаду.
З вуліцы Веры Харужай да Варвашэні,
Да Смалячкова на хвілю зайду.

Час і вяртацца.
Пад сонейкам светлым
Стаў я, дзіўлюся,
Як людзі цякуць,
Быццам віры,
Ільічовым праспектам
Скуль усе вуліцы славу бяруць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш На мінскіх вуліцах - Міхась Калачынскі