Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Хоць жыццё не заўсёды сваёю атульвае ласкай

Хоць жыццё не заўсёды сваёю атульвае ласкай,
Толькі вера не гасне, пакуль ёсць над намі шчэ Бог,
Што адчыняцца дзверы, і, быццам бы дзіўная казка,
Каб самоту развеяць, ты мой пераступіш парог.

Зноў падорыш вачэй непаўторна-зіхоткае ззянне
І рукой сваёй тонкай маёй ты кранешся рукі.
Наша стрэча – дзвюх душ мімалётнае дзіва-спатканне,
У якое шчэ вераць такія ж, як мы, дзівакі.

Хай напоўняцца зноўку два сэрцы санатай пяшчоты
І шчака ля шчакі хай прымроіць шчымлівыя сны.
Я й не ведаю сам яшчэ, госця дзівосная, хто ты
І чаму ў табе столькі такой неўтаймоўнай вясны.

Можа, ты падарунак за тыя бяссонныя ночы,
За агонь трапяткі казытліва-спакусных надзей?
Я такую цябе нат не марыў спаткаць хоць аднойчы,
Бо не думаў чамусь, што багіні жывуць між людзей…

Хоць жыццё і тэатр, дзе кожны схаваны пад маскай,
Толькі вера не гасне, пакуль ёсць над намі шчэ Бог,
Што адчыняцца дзверы, і, быццам бы дзіўная казка,
Каб самоту развеяць, ты мой пераступіш парог.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Хоць жыццё не заўсёды сваёю атульвае ласкай - Мікола Шабовіч