Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ля роднай хаты

Мне б у роднай хаце легчы на палаці
Ды сучкі на столі ўсе пералічыць.
Як было і колісь, кожны з іх памацаць,
Праз дзяцінства далеч памяць абудзіць.

Узгадаць пры гэтым тыя зімы, леты,
Калі вершык першы пад падушку лёг.
Ён каханнем ў сэрцы быў маім сагрэты,
Трапяткі ды кволы, быццам матылёк.

Успамінам чыстым, для душы шчымлівым,
Зноў пачуць жаночы на дажынках спеў,
Шматгалоссем стройным, гнуткім пералівам,
Што, як бусел, кругам у прастор ляцеў.

Ад кароўкі б Пчолкі выпіць сырадою,
Бульбачку камамі з сальцам частаваць.
Зноў братоў пабачыць з меньшаю сястрою,
Ды бацькам з падзякай рукі цалаваць.

Мне б адчуць утульнасть ад цяпла пячнога
Дзён былых марозных і завейных зім…
Ды не перайду я роднага парогу,
Бо чужыя людзі ўжо жывуць за ім.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Ля роднай хаты - Мікола Пасееў