Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ліпеньскім ранкам

Мядовы водар яблынь, сена
З маленства сэрца ахмяліў,
Таму так хочацца, напэўна,
Мне першы адкусіць наліў.

Чароўнай сілаю натоліць,
І я адчую ўсё паўней –
З зямлёю сэрца загамоніць,
А гэта мне за ўсё важней.

Хоць ставяць класіку не ў моду,
Што патураем прастаце, —
Злаўлю губамі асалоду
На росным, ягадным кусце.

У гэтай слодычы – вяршыня.
Спазнаў я гэта усёй душой.
Я нахілюся да вяргіні —
І — ў вір пачуццяў з галавой.


Верш Ліпеньскім ранкам - Мікола Ляшчун