Верш Апакаліпсіс
Кіпеў акіян.
Звар’яцелыя хвалі,
як цацку, падкідвалі лайнер турысцкі…
Да воблакаў з гулам густым узляталі
салёныя пырскі.
I квола трашчалі заклёпкі і гайкі –
выдатны метал стаў падатліва-ломкім.
На тысячы міляў ні шхуны, ні чайкі –
абломкі,
абломкі…
Як лютая бура, знямогшыся, спала
і сціхла яе нечуваная глотка,
з дрымучых глыбіняў наверх усплывала
падводная лодка.
Нядаўна шпурляла са дна акіяна
свае мегатоны у свет шматгалосы…
I грукала сэрца ў грудзях капітана:
убачыць нябёсы!
Ірвала на часткі душу утрапенне,
халоднай расой пакрывалася цела.
Высокае сонца,
бы ў часе зацьмення,
у мораку тлела.
Ахутаў удушлівы попел бязмежжа.
Дзе дзеліся ў гавані роднай усмешкі?
Нікога, нічога…
На ўсім узбярэжжы
адны галавешкі.
Рассыпаўся прысак на месцы ўчарашнім,
ніхто не чакае, не любіць, не кліча.
Варожым было і да жудасці страшным
зямное аблічча.
Замёршы, падводная лодка стаяла.
Было ў яе, мусіць, адзінае выйсце:
у чорную прорву, забыўшы прычалы,
нырнуць – і не ўсплысці…