Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Світае. Ноччу выпаў снег

Світае. Ноччу выпаў снег,
а я да гэткай з”явы не гатовы,
бо доўжыў па Паэзіі турнэ,
шукаючы красы асенней словы.
Гляджу: і ў грубцы сцюжа пабыла…
Я не хачу вядомасці сусветнай,
мне проста хочацца цяпла —
звычайнага, хоць бабінага лета.

Шчаслівы я, бо пачынае днець.
Дажыў да дня, і вось цяпер я маю
другую восень — нібы ў сівізне…
Яна па сэрцы мне й такая!
Цяпер іначай трэба будзе жыць:
паліць у грубцы, з коткай слухаць вецер,
снягір са Швецыі ў сад наш прыляціць
і падзяўбе каліну ўсю на вецці.
Не стану больш пісаць пра восень верш,
хоць Нобелеўскай прэміі ён варты,
бо найважнейшае найперш —
вось гэты ранак з холадам упартым,
які прынёс трывожнае святло…

…Ўсё ж пану Нобелю для роздуму пакінем:
агонь у грубцы, котка, вецер, дом,
снягір са Швецыі на полацкай каліне…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Світае. Ноччу выпаў снег - Лявон Неўдах