Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш АЎТАБIЯГРАФIЯ

Я з яйца без зубоў і без яду
Ў год змяі, нібы чорная ніць,
Выпаўз, як і прызначана гаду,
З мэтай нейкае гадства ўчыніць.

Пацякла за хвілінай хвіліна
Па завілістых рэчышчах дзён,
I я ўзрос, што дурная сцябліна,
Стаў на вока і ласку жадзён.

Быў багата гадоў я прыкуты
Да ўсялякіх пакут і спакус:
Як павысіць мацунак атруты;
Як навострываць сківіц прыкус.

Я даводзіў іклы на тачыле,
З перцам чылі смактаў манпансье,
Бо са шчырасцю джаліць вучылі
Пад сасной педагогі мае.

Але сэрца маё неацэнна
Аб паветраных справах баліць:
Мне б у небе лунаць летуценна
I з драконам сялібы паліць!

А таму, як прадвесце злагады,
Марнатраўна растуць на хрыбце
Два крылы для паўзачага гада,
Каб дарогу знайсці ў цемнаце.

Я пластаўся з разгубленай злосцю
I ў прадбачанні суднага дня
Поўз туды, дзе валяліся косці
Прыкапанага кімсьці каня.

Там сярод маслакоў і рабрынак
Я сумесна з калегамі жыў.
Ежма ела штодзённа сябрына
Сябрукоў да выцягвання жыл.

Толькі я не суцешыўся ў марах,
Не хацеў быць звычайнай змяёй,
Каб на сконе жыцця ў мемуарах
Мог апець слаўны жэрабя мой.

Так бы вечна між дзірак і трэшчын,
Яд запасіўшы, глебу крапіў,
Але, марна ахрышчаны Вешчым,
Князь Алег на мяне наступіў.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш АЎТАБIЯГРАФIЯ - Глеб Ганчароў