Верш Матуля да сына прыехала
Здаецца, нядаўна, здаецца, учора
Ён быў яе любкай, уцехаю,
А сёння старая матуля у горад
Пажыць да сыночка прыехала.
Сыночак, як лялька, сыночак што трэба,
Матулі б ім толькі і цешыцца.
Ды вырас, як кажуць, пад самае неба…
(Аб рыфму язык так і чэшацца.)
Хоць часам сціскаецца сэрца матулі,
Ды з думак благое ўсё гонячы,
Маленькага ўнука і песціць, і туліць,
Пра штось з ім няспынна гамонячы.
Малы ж, пасля працы бацькоў як убачыць,
Штось бабчынай мовай ляпеча ім.
Тут тата адразу сыночку зазначыць,
Маўляў, сваю мову засмечваеш.
А здарыцца: суп ці там боршч недасолен,
He скажа па-шчыраму ў вочы ёй.
А ўсё штось капыліцца, ўсё нездаволен,
Ад міскі свой нос адварочвае.
Сыночку ж нязвыкла, сыночку аж смешна,
Якая з матулі кухарка тут? –
Пюрэ – ў яе каша, амлет – дык яешня,
I нат эскалоп заве скваркаю.
Другія вунь маці пра новую моду
Вам выступяць з цэлай прамоваю.
Яна ж вечна з хусткаю пад падбародак,
I ўсе ў яе звычкі вясковыя.
Няйначай, душа ў сына чэрстваю стала,
Забыўся пра ласку ён матчыну.
А колькі ж матуля начэй недаспала,
Каб век ён не знаўся з нястачаю!
– Ідзіце, мо разам што выпіце, з’ешце, –
Свой такт пры гасцях ён паказвае.
– Нічога, сыночак, я потым, нарэшце, –
Гаворыць матуля ў адказ яму.
На покуце ж месца пачэснае – скону,
Спрадвеку належыць па праву ёй.
Дык хай жа няпісаным будзе законам
Святое вось гэтае правіла!